Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце разам з Палінай Шарэндай-Панасюк
Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на спецыяльнай пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу, прысвечанай Міжнароднаму дню жанчын. Сярод запрошаных выступоўцаў ад беларусаў на гэтым мерапрыемстве была таксама актывістка і былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

Сваю прамову Святлана Ціханоўская прысвяціла ролі жанчын у змаганні за дэмакратыю і свабоду, падкрэсліўшы гераізм жанчын, якія супрацьстаяць рэпрэсіям і вайне. Яна асабліва звярнула ўвагу, што:
«Сёння многія беларускія жанчыны атрымліваюць не кветкі, а турэмныя тэрміны. Яны не шпацыруюць на парадах, а ідуць у залы суда. Яны не могуць цешыцца раскошай міру і дэмакратыі — за іх даводзіцца змагацца. І мы змагаемся».

Паводле Ціханоўскай, беларусы сёння змагаюцца за тое, каб не апынуцца ў цені рэваншысцкай Расійскай імперыі, за вызваленне палітвязняў, за аднаўленне справядлівасці і за еўрапейскія каштоўнасці — свабоду, бяспеку і дабрабыт.
Асаблівую ўвагу дэмакратычная лідарка прысвяціла вайне ва Украіне, залежнасці ад яе вынікаў лёсу Беларусі і выказала стаўленне да спробаў запусціць працэс мірных перамоваў:
«Мы змагаемся за Украіну, таму што нашы лёсы пераплеценыя. Без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі. І без вольнай Беларусі не будзе трывалага міру ў Еўропе.
Мы змагаемся супраць ілюзіяў. Пуцін і Лукашэнка не хочуць міру — яны хочуць падпарадкавання. Трывалы мір павінен грунтавацца на павазе, аднак Пуцін гэтага не прадэманстраваў», — падкрэсліла Ціханоўская.
Каментары
Не станавіся лялькай на бэкстэйджы гэтага цырку на дроце! Не расчароўвай людзей! Ты можаш зрабіць для краіны нашмат больш!