Упершыню дадаткова абмежавалі наведванне на Радаўніцу могілак у зоне адчужэння на мяжы з Украінай
Упершыню ўвялі дадатковыя абмежаванні па наведванні могілак у дні Радаўніцы на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Усе папярэднія гады дазвалялася наведванне любых могілак у зоне адчужэння на працягу чатырох дзён — з суботы па аўторак. Але ў 2025 годзе прапускаць у вёскі ў памежнай паласе Нараўлянскага раёна будуць толькі ў пэўныя дні, піша «Флагшток».

Могілкі вёсак Хутар-Лес, Хаткі, Баровічы можна наведаць толькі 27 красавіка з 10:00 да 15:00, а месцы пахавання ў былой вёсцы Белая Сарока — толькі 27 і 29 красавіка з 8:00 да 17:00.
Афіцыйна паведамлялася, што такія абмежаванні ўведзеныя «па рашэнні мясцовых органаў улады» без пазначэння прычыны.
Гэтыя адселеныя пасля катастрофы на ЧАЭС вёскі знаходзяцца проста на мяжы з Украінай. Гэты ўчастак мяжы лічаць адным з самых складаных. Тут, акрамя памежнікаў, на «ўзмацненне» накіраваны атрад «Рысь» спецназа ўнутраных войскаў. Улады баяцца дыверсантаў і ўдарных груповак, якія гіпатэтычна могуць прыйсці з тэрыторыі Украіны.
У некаторыя іншыя адселеныя вёскі можна будзе трапіць не толькі ў дні Радаўніцы. У Веткаўскім раёне дадаткова 20 красавіка будзе адкрыты праезд на могілкі вёсак Барба, Касіцкая, Рудня-Шлягіна, Сівінка. 3 мая таксама без пропускаў можна наведаць месцы пахавання ў былых вёсках Дзярновічы і Цешкаў у Нараўлянскім раёне, 9 мая — могілкі вёсак Баршчоўка, Буда, Малочкі Хойніцкага раёна.
Усяго ў Гомельскай вобласці 183 могілак знаходзяцца ў зонах адсялення і адчужэння, з іх 91 — на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Штогод у дні памінання памерлых іх у сярэднім наведвае звыш 10 тысяч чалавек.
Каментары