Трамп збіраецца рэструктурызаваць Дзярждэпартамент і закрыць многія пасольствы і консульствы ў Афрыцы
Праект распараджэння, які рыхтуецца падпісаць Дональд Трамп, спыніць большасць аперацый у Афрыцы і закрые офісы, якія займаюцца пытаннямі дэмакратыі, правоў чалавека і ўцекачоў, піша The New York Times са спасылкай на копію дакумента.

У праекце распараджэння Белага дома прапануецца радыкальная рэструктурызацыя Дзяржаўнага дэпартамента, уключаючы ліквідацыю амаль усіх яго аперацый у Афрыцы і закрыццё пасольстваў і консульстваў па ўсім кантыненце.
Праект таксама прадугледжвае скарачэнні офісаў, якія займаецца пытаннямі змены клімату і ўцекачоў, а таксама праблемамі дэмакратыі і правоў чалавека.
Прапанаваная рэарганізацыя прывядзе да закрыцця рэгіянальных бюро, якія дапамагаюць распрацоўваць і ўкараняць палітыку ў вялікіх частках зямнога шара. Замест гэтага, гаворыцца ў праекце, гэтыя функцыі будуць ускладзены на чатыры карпусы: Еўразійскі корпус (складаецца з Еўропы, Расіі і Цэнтральнай Азіі), Блізкаўсходні, Лацінаамерыканскі і Інда-Ціхаакеанскі.
Адна з найбольш радыкальных прапанаваных змен — ліквідацыя бюро па справах Афрыкі, якое курыруе палітыку ў краінах на поўдзень ад Сахары. Яго заменяць офісам спецыяльнага пасланніка па справах Афрыкі, які будзе падпарадкоўвацца Радзе нацбяспекі Белага дома. Офіс будзе займацца некалькімі пытаннямі, уключаючы «скаардынаваныя контртэрарыстычныя аперацыі» і «стратэгічную здабычу найважнейшых прыродных рэсурсаў і гандаль імі».
У праекце таксама гаворыцца, што ўсе «другарадныя» амбасады і консульства ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары будуць закрытыя да 1 кастрычніка.
У Дэпартаменце будзе ліквідавана бюро, якое курыруе пытанні дэмакратыі і правоў чалавека, бюро, якое займаецца бежанцамі іміграцыяй. Дэпартамент таксама пазбавіцца ад пасады спецыяльнага пасланніка па пытаннях клімату.
Мэта ўказа — «дысцыплінаваная рэарганізацыя» Дзярждэпартамента і «спрашчэнне выканання задач», пры гэтым плануюць скараціць «марнатраўства, махлярства і злоўжыванні».
Мяркуецца, што Дэпартамент унясе змены да 1 кастрычніка.
Каментары