Ракета «Барс»: што вядома пра новую ўкраінскую распрацоўку і ў чым яе галоўная перавага
Украіна стварыла новую ракету пад назвай «Барс». Доўга любая інфармацыя пра гэту распрацоўку трымалася ў таямніцы, але цяпер Украінская служба Бі-бі-сі высветліла падрабязнасці пра гэтую новую ўкраінскую зброю.

Упершыню назву «Барс» згадаў публічна міністр па пытаннях стратэгічных галін прамысловасці Герман Смятанін на мерапрыемстве, прысвечаным украінскай абаронцы 11 красавіка. Ён адзначыў, што ў 2024 годзе з'явілася адразу некалькі новых узораў ракетнага ўзбраення ў параўнанні з тым, што яшчэ два гады таму Украіна мела толькі адну ўласную распрацоўку — «Няптун».

«У мінулым годзе ў нас з'явілася вельмі шмат новых вырабаў, якія забяспечылі аб'ём вытворчасці ў 8 разоў большы, чым у 2023 годзе», — заявіў міністр.
Смятанін пералічыў назвы ўкраінскіх ракет, пра якія ўжо раней публічна паведамлялася. Гаворка пра такія вырабы, як «Пекла», «Паляніца», «Рута». А таксама назваў яшчэ адну, пра якую раней не было вядома, — «Барс». Ніякіх падрабязнасцяў пра яе міністр, праўда, не падаў.
Украінская служба Бі-бі-сі тлумачыць, што гэта за ракета.
Масавы выраб
Па словах крыніц Бі-бі-сі ва ўладзе, украінская ракета «Барс» — гэта распрацоўка не дзяржаўных, а прыватных вытворцаў.
Яна належыць да класа так званых крылатых «ракет-дронаў», прынамсі такую назву ім далі ўкраінскія ўлады, заявіўшы, што гэта ўласнае ноу-хау. Такія вырабы — гэта нешта сярэдняе паміж звычайнай крылатай ракетай і беспілотнікам, часцей за ўсё самалётнага тыпу, які мае не надта вялікую баявую частку (часцей за ўсё каля 50-100 кг) і малагабарытны турбарэактыўны рухавік, які дазваляе яму хутка пераадольваць значныя адлегласці і быць цяжкай цэллю для СПА.
Запускацца такія «ракета-дроны» могуць як з наземных установак, так і з самалётаў.
«Барс» больш за ўсё падобны па сваіх параметрах да яшчэ аднаго ўкраінскага прадстаўніка гэтага «сямейства» — ракеты «Пекла», кажа суразмоўца Бі-бі-сі.
Далёкасць «Барса» складае прыкладна 700-800 км. Суразмоўца характарызуе гэты выраб як умоўна Middle Strike, гэта значыць зброю сярэдняй далёкасці.
Якая ж асноўная асаблівасць «Барса»? Паводле даных крыніц, гэтая ракета мае істотную перавагу — магчымасць масавага вырабу ў Украіне. Адпаведна, сілы абароны ўжо найбліжэйшым часам змогуць атрымаць дальнабойны і досыць магутны сродак паражэння для рэгулярных атак углыб расійскай тэрыторыі.
Выявы гэтага вырабу адсутнічаюць у публічным доступе, гэтаксама як і дэталёвыя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі (ТТХ).
Украінская ракетная праграма
У мінулым годзе Украіна значна актывізавала сваю ракетную праграму. Яшчэ ў жніўні прэзідэнт Уладзімір Зяленскі загадаў накіраваць дадатковае фінансаванне і паскорыць вытворчасць ракетнага ўзбраення.
У той час украінскія вытворцы працавалі адразу над некалькімі варыянтамі крылатых і балістычных ракет. Таксама глыбокую мадэрнізацыю праходзіла самая паспяховая ўкраінская распрацоўка — супрацькарабельная ракета «Няптун», якая атрымала павялічаную далёкасць і магчымасць паражэння наземных аб'ектаў.
На Дзень незалежнасці Украіны 24 жніўня 2024 года Зяленскі паведаміў пра першае паспяховае выкарыстанне айчыннай ракеты «Паляніца». Пасля былі апублікаваныя яе выявы і характарыстыкі.

Гэта «ракета-дрон» з турбарэактыўным рухавіком, якую запускаюць з наземнай устаноўкі. Далёкасць яе дзеяння каля 600 км. Ракета мае спадарожнікавую і рэзервовую, верагодна, інерцыйную сістэму навігацыі. Вырабляецца серыйна.
Па арыенціровачных даных, вага баявой часткі «Паляніцы» можа складаць каля 100 кг, а хуткасць — 400-500 км/г. Украіна выкарыстоўвае яе для ўдараў па вайсковых аб'ектах углыб тэрыторыі Расіі, у першую чаргу гаворка ідзе пра склады боепрыпасаў і аэрадромы.
У пачатку снежня 2024 года Кіеў апублікаваў даныя пра яшчэ дзве распрацоўкі — крылатыя ракеты «Пекла» і «Рута». Пазначана, што далёкасць «Пекла» — да 700 км, а хуткасць — 700 км/г. Верагодна, яна мае баявую частку каля 50 кг і прасунутую сістэму навядзення, якая дазваляе мець «Пеклу» высокую дакладнасць паражэння.
Што тычыцца ракеты «Рута», то на пачатак снежня, са слоў Зяленскага, працягваліся яе «паспяховыя выпрабаванні». Паводле папярэдніх звестак, гэтая «ракета-дрон» мае далёкасць да 300 км і здольная развіваць хуткасць каля 500-800 км/г. Можа выкарыстоўвацца не толькі для ўдарных аперацый, але і для разведкі.

Яшчэ адзін аспект ракетнай праграмы, а менавіта стварэнне ўкраінскай балістычнай ракеты, амаль не асвятляецца. З пачатку 2000-х Кіеў працаваў над стварэннем сваёй балістыкі, ведучы распрацоўку аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Сапсан». Праект быў закрыты ў часы прэзідэнцтва Віктара Януковіча, але пасля адноўлены пад экспартнай назвай «Гром-2» (ён жа «Гром»).
У 2018 годзе прадставілі хадавы макет АТРК, а ў лютым 2021 года Міністэрства абароны паабяцала заключыць кантракт па вырабе першай доследнай батарэі «Сапсана». На той момант ступень гатоўнасці праекта была каля 80%.
Першая батарэя «Сапсана» павінна была складацца з дзвюх пускавых установак, якія могуць адстрэльваць па дзве балістычныя ракеты, і машыны зарадкі ды дзвюх машын кіравання. Меркавалася, што балістычная ракета будзе мець баявую частку каля 480 кг і далёкасць 280-480 км.

Падчас прэс-канферэнцыі 27 жніўня 2024 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра паспяховае выпрабаванне першай украінскай балістычнай ракеты. У кастрычніку ён заявіў, што «новая ўкраінская балістычная ракета паспяхова прайшла лётныя выпрабаванні». Назву гэтай распрацоўкі ён не апублікаваў.
Дарадца прэзідэнта па стратэгічных пытаннях Аляксандр Камышын, адказваючы на пытанне Бі-бі-сі на прэс-канферэнцыі 11 красавіка, адмовіўся агучыць падрабязнасці адносна ўкраінскай балістыкі, але падкрэсліў:
«У нас ёсць балістычная ракета, якая вырабляецца серыйна, і ёсць паспяховыя яе прымяненні. Кропка».
Міністр Герман Смятанін дадаў, што гэтая ракета «выкарыстоўваецца штомесяц».
Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»
Ва Украіне з'явілася новая ракета-дрон «Пекла»
Новая ўкраінская дальнабойная ракета. Што вядома пра гэтую зброю і ці ўяўляе яна пагрозу для Масквы?
«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу
Украіна стварыла ўласную высокадакладную бомбу
Украіна ўпершыню ўжыла сваю ракету-дрон «Паляніца» па цэлі ў Крыме
Знясіленыя вайной. Захад яшчэ дапамагае Украіне трымацца, але ўжо не дапамагае перамагаць
Каментары