Грамадства8686

Мельнікава рыхтавала сваё знікненне і маніпулявала атачэннем. Пакуль няясна, ці дзейнічала яна па камандзе з Мінска

Знікае жанчына з грашыма — 120, а можа, нават 170 тысячамі еўра. Але, у адрозненне ад раманаў Агаты Крысці, у гэтай гісторыі няма забойства — прынамсі, пакуль. Карціну падзей нам даводзіцца аднаўляць па фрагментах — як археолагі амфару па чарапках.

Анжаліка Мельнікава і васковая скульптура Джэймса Бонда. Фота з яе старонкі ў ФБ

«Яны ж там згубілі гэтую спікерку. Знайсці не могуць! Знайсці не могуць. Дык знайдзіце хаця б!» — як разумець гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі 12 красавіка на суботніку? Лукашэнка таксама не ведае дакладна, дзе Анжаліка Мельнікава? Ці ён ведае? Ці яна ў яго ў руках?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, мы дагэтуль не ведаем галоўнага — маршруту пералётаў Анжалікі Мельнікавай і яе дзяцей. Польскім спецслужбам, напэўна, гэтая інфармацыя даступная, але яны чамусьці не лічаць патрэбным яе апублічыць. Журналісты-расследавальнікі змогуць гэтыя даныя атрымаць хіба што праз месяц-два. Гэтая інфармацыя адразу расставіць многія кропкі над «і». Пры адным «але»: калі пачынаючы з нейкага пункту Х Мельнікава не пачала падарожнічаць пад нейкім трэцім пашпартам. А такога ў гэтай гісторыі таксама нельга выключаць.

Аднак мы адкапалі ўжо трохі чарапкоў, якія дазваляюць нам аднавіць некаторыя моманты з вялікай даставернасцю.

Па інфармацыі польскіх спецслужбаў — але ў пераказе Паўла Латушкі — Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.

Адразу загадка. Па словах Латушкі, Мельнікава вылецела з Польшчы ў Лондан разам з дочкамі. Але, па словах мужа, ў выніку дзеці з ім:

«— Дзеці з вамі?

— Так, са мной.

— І вы ў Беларусі?

— Так».

Ці праўду кажа муж? Ці дзеці сапраўды ў Беларусі? Хутчэй, так.

Даводзіцца верыць яму і маці Мельнікавай, якая пацвярджае, што ўнучкі ў яе. Цяжка ўявіць сабе, каб немаладыя бацькі Анжалікі, непрывучаныя да ўвагі збоку, на хаду хлусілі, а журналісты ніяк не адчулі ў іх словах няўпэўненасці і спробы падмануць. Да таго ж крыніцы і «Люстэрка», і «Еўрарадыё» сцвярджалі, што бачылі ў Нясвіжы малых Таццяну і Ганну разам з бацькам.

Бацькі Анжалікі кажуць, што не ведаюць, дзе іх дачка. Але пры гэтым яны не б’юць у званы, не абвяшчаюць Анжаліку ў вышук — а проста нібыта пакорліва прынялі сітуацыю, што дачка знікла невядома дзе. Хай сабе пра яе не хвалюецца былы муж — ніхто не ведае, якія шкілеты захоўваліся ў шафе сужэнцаў. Але каб лёс дачкі не надта цікавіў і яе родную маці? Дзіўная сітуацыя, не ўласцівая адносінам у беларускіх сем’ях.

«Дзецям кажу, што ў камандзіроўцы, і ўсё», — расказвае пра ўнукаў Аксана Мікалаеўна.

Анжаліка Мельнікава. Фота: Adam Burakowski / East News

Ці што?

Яркая бландзінка, 38-гадовая Анжаліка Мельнікава сваім вобразам і ўсмешкай у падціснутых кончыках вуснаў нагадвала Міледзі з савецкай экранізацыі «Трох мушкецёраў». Пра яе мужа ў той жа час кажуць, што ў яго выбуховы тэмперамент і рэўнасць як у Д’Артаньяна. Калега-журналіст з іншага выдання расказаў нам, што падчас сустрэчы з Мельнікавай побач апынуўся яе былы муж.

— Ён глядзеў на мяне нейкім дзікім позіркам. Паводзіў ён сябе дзіўна. Анжаліка нават выбачылася, сказала, каб я не звяртаў увагі, што ён вельмі раўнівы. І з ім здараюцца такія прыступы.

Таму знаёмыя пары спачатку не адкідалі ніякай версіі.

Бацькі Мельнікавай заявілі, што яе былы муж нічога ім не кажа.

«Можа, хваляваць не хоча, ці што. Не ведаю. Гэта мой былы зяць, разумееце?»

Голас маці падаўся журналісту «Еўрарадыё» прыгнечаным.

Дарэчы, ці сапраўды ён «былы»? Пра гэта пагаворым ніжэй.

Паводле слоў бацькі Анжалікі, апошні раз яны размаўлялі ў лютым — ён віншаваў дачку з днём народзінаў. Дзе Анжаліка цяпер, Артур Мікалаевіч не ведае.

З рахунку фонду зніклі ўсе грошы?

Аднак рамантычная версія пра ролю ці віну мужа ў знікненні Мельнікавай разбіваецца ў два факты.

Адзін з іх — паводзіны Мельнікавай пасля адлёту з Польшчы, другі — знікненне грошай з рахункаў Białoruś Liberty. Апошняму пакуль няма дакументальных пацверджанняў, але пра тое нам сказалі прынамсі тры інфармаваныя крыніцы, і пра тое самае са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы паведамляў «Белсат».

Для атрымання грантаў на праекты, якія яна адміністравала, у Мельнікавай быў свой фонд — Białoruś Liberty. З гэтага рахунку, імаверна, і знікла вялікая сума. Адны кажуць аб прыкладна 120 000 еўра, іншыя — пра 170 000 еўра. Зрэшты, гэта ўсё словы, цяжка казаць нешта дакладнае, калі мы не бачым дакументаў. А раптам там яшчэ больш?

Нешта з іх — бюджэт Каардынацыйнай рады, рэшта — грошы, сабраныя на свае мэты «Кіберпартызанамі». Зняць грошы — ці перавесці на нейкі іншы рахунак — магла толькі сама Мельнікава. Ніхто іншы права здымаць грошы не меў.

У назіральную раду фонду, які ствараўся напачатку ў інтарэсах «Кіберпартызанаў», уваходзіла яшчэ іх прадстаўніца Юльяна Шэметавец. Гэта дало ёй магчымасць цяпер прызначыць у Białoruś Liberty дырэктара — былога вайскоўца Віктара Пацехіна, які стаў вядомым пасля таго, як скінуў кактэйлі Молатава на базу мінскага АМАПа і выехаў з Беларусі. Але, маўляў, толькі калі Пацехін вернецца з нейкай запланаванай паездкі, ён зможа атрымаць доступ да дакументаў. І толькі тады «Кіберы» будуць мець інфармацыю, куды і ў якія дні з яе рахунка былі выведзеныя грошы.

Маем адчуванне, што і «Кіберпартызаны», і Павел Латушка чамусьці не паведамляюць пра ўсё, што ведаюць, адцягваюць гэты момант.

Мельнікава цягнула час

Ключавое, што звяртае ўвагу — Анжэліка Мельнікава рыхтавала сваё знікненне і маніпулявала атачэннем. Гэта вынікае з таго, як яна камунікавала з паплечнікамі ў сакавіку.

Мельнікава, пасля таго як яна пакінула Польшчу, выходзіла на сувязь і абяцала сустрэчы розным людзям у Варшаве. Пасля яна іх пераносіла або цалкам адмаўлялася. Яна спасылалася то на хваробу, то на адсутнасць часу. Пры гэтым Мельнікава ўжо некалькі тыдняў не была ў Польшчы, але не казала пра гэта. Яна размаўляла з сябрамі КР, з прадстаўнікамі каманды Латушкі, з людзьмі, якім мусіла заплаціць заробкі з атрыманага гранту. Гэта былі размовы і праз Зум з відэа, і голасам.

А ці можа быць, што замест яе з людзьмі размаўляў аватар яе голасу, створаны штучным інтэлектам? Ці што яна гаварыла пад кантролем трэціх асоб? Маларэалістычна. Аўтэнтычнасць размоў не выклікала пытанняў у суразмоўцаў, бо Мельнікава дэталёва адказвала на пытанні, чаго штучны інтэлект хіба што падрабіць яшчэ не здольны. І ў суразмоўцаў не стварылася ўражання, што Мельнікава была застрашаная, прыгнечаная, гаворыць не сваімі словамі.

Яна абяцала прыйсці ў офіс, хаця была далёка за мяжой. Яна абяцала, што неўзабаве пачне плаціць заробкі з гранту, які атрымала на рахунак свайго фонду. Яна проста цягнула час.

Вось гэтыя яе паводзіны ў сакавіку — адлёт у Лондан пры стварэнні ілюзіі таго, што яна ў Варшаве — робяць імавернасць выкрадання спецслужбамі мізэрнай.

Анжаліка Мельнікава ў Лондане. Фота з яе старонкі ў ФБ

Ці мела сэнс знікаць з грашыма

«Калі не ведаеш, о цо ходзі, то пэўна ходзі о пенёндзэ», — кажа польская прыказка.

Людзі з блізкага атачэння Мельнікавай, з якімі гаварыла «Наша Ніва», схіляюцца да думкі, што Мельнікава выехала ў экзатычную краіну — магчыма, з грашыма. У свеце ёсць каля дваццаці краін, якія не выдаюць Польшчы польскіх грамадзянаў. Сярод іх, скажам, Узбекістан, Ямайка, Коста-Рыка, Балівія.

Адзначым яшчэ раз, што Мельнікава — са словаў Латушкі — спачатку скіравалася ў Лондан. Асаблівасць Брытаніі ў тым, што на вылеце пагранслужба пашпартоў не правярае, гэта робіць толькі авіякампанія. Гэта спрашчае магчымасць вылету па іншым пашпарце, чым ты ўязджаў. Праваахоўныя органы постфактум высветляць, куды і пад якім пашпартам вылятаў чалавек — але ў той канкрэтны момант адсачыць яго маршрут цяжэй. Тым больш калі ў Лондан залятала Мельнікава, а, скажам, з Лондана ў Каракас і з Каракаса ў Дубай (мы гэта тут кажам умоўна) пасля вылятала ўжо нейкая Макавеева.

Ці можа быць, што Мельнікава адбыла ў невядомым кірунку з грашыма, каб пачаць уласнае жыццё з чыстага аркуша?

Давайце ўзважым, што такое 120 ці 170 тысяч еўра. У небагатых краінах на гэтыя грошы можна купіць кватэру і застанецца яшчэ на шмат гадоў жыцця.

Але гэта не нейкая касмічная сума ў сучасным свеце.

Не для намесніцы гендырэктара «Кока-Колы», якая выдатна ведае замежныя мовы, адукаваная і адэкватная, як апісваюць людзі з яе атачэння.

Ці будзе такі чалавек пачынаць жыццё за светам, ведаючы, што цябе будуць шукаць за крадзеж і некалі ж знойдуць, рана ці позна? Ды яшчэ і без гарантыі таго, што зноў сустрэнешся з дзецьмі, якія застаюцца ў Беларусі — калі прымаем за праўду, што яны насамрэч з бацькам.

Такое мог бы зрабіць авантурыст — але не былая менеджарка высокага ўзроўню з двума дзецьмі, старымі бацькамі і грамадскім статусам.

Гэта ўсё ж вар’яцкі ў сваёй нерацыянальнасці план — калі толькі ты не выконваеш заданне спецслужбаў. 

Анжаліка і Андрэй Мельнікавы з дзецьмі. Фота са старонкі Анжалікі Мельнікавай у фэйсбуку

Тайна разводу

Дарэчы, мы не можам сцвярджаць напэўна, быў развод Мельнікавай з мужам сапраўдным ці фіктыўным.

Афіцэру з «Байпола», з якім гаварыла «Наша Ніва» здавалася, што ён быў фіктыўным. «Мне здалося тады, што яны развяліся, каб муж мог далей ездзіць у Беларусь — не ведаю, для чаго яму гэта трэба», — кажа афіцэр.

Так, гэта факт, што былы муж спікеркі Мельнікавай Андрэй працягваў ездзіць у Беларусь — рэдка хто са сваякоў дзеячоў апазіцыі так робіць, бо так ты лёгка можаш стаць аб'ектам рэпрэсій ці шантажу. І Мельнікаў канчаткова выехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка, праз шэсць дзён пасля адлёту Анжалікі.

Нягледзячы на фармальны развод, Мельнікава з мужам у Варшаве працягвалі жыць разам. Пра гэта нам расказалі людзі, якія асабіста бывалі ў іх кватэры ў Варшаве і бачылі там Андрэя Мельнікава. Пра мужчыну, які жыў з Мельнікавай, казалі і суседзі ў размове з «Еўрарадыё».

Андрэй Мельнікаў сцвярджае, што дочкі разам з ім. Праверыць гэты факт немагчыма. Калі ён кажа праўду, то незразумела, як дочкі маглі апынуцца з ім, калі вылецелі з Анжалікай ў Лондан? Магчыма, ён ці бабуля выляталі па іх у нейкую трэцюю краіну.

Андрэй Мельнікаў працягваў ездзіць у Беларусь. Фота з яго сацыяльных сетак

Такім чынам, незразумела, якую ролю ў гэтай гісторыі граў Андрэй Мельнікаў.

Але паўторым: Андрэй Мельнікаў адназначна бываў у Беларусі пасля таго, як іх сям’я пераехала ў Польшчу — І цяпер Мельнікаў у Беларусі. І з варшаўскай кватэры сям’я выехала з канцамі, знік нават дзіцячы самакат.

Анжаліка Мельнікава. Фота з яе старонкі ў ФБ

Адкуль увогуле ўзялася Мельнікава?

Хто такая гэтая Мельнікава? Гэтым пытаннем задаліся нават мы ў Рэдакцыі, калі пачулі яе імя як кандыдаткі ад фракцыі Латушкі на пасаду новай спікеркі Каардынайцыйнай рады. Мы яе не ведалі да таго.

З Беларусі яе сям’я выехала зусім рана — у верасні 2020-га. Спачатку яны пераехалі ў Кіеў, а затым у Польшчу па ІТ-праграме Poland. Business Harbour.

У Мельнікавай ёсць польскія карані, праз якія яна адразу атрымала пастаянны дазвол на жыхарства.

Некалькі гадоў Мельнікава супрацоўнічала з Паўлам Латушкам. Спачатку як перакладчыца і аўтарка тэкстаў, пасля — занялася праектным менеджментам і стала дарадцай па стратэгічных пытаннях.

У Каардынацыйнай радзе Мельнікаву лічылі «чалавекам Латушкі», іх адносіны называлі вельмі блізкімі.

Сама Мельнікава не была суперпублічнай асобай з вострым языком ці лідарскай харызмай. Яна была выканаўцам, а не палітыкам. Хутчэй, тып тэхнакрата ад апазіцыі: фінансавыя табліцы, дамовы на аплату працы, праца з лічбамі. Калегі Мельнікавай адзначаюць яе сканцэнтраванасць на працы, адказнае стаўленне да абавязкаў. Анжаліка не імпульсіўная, а рацыянальная, хоць і эмацыйная — так апісваюць яе знаёмыя.

Анжаліка Мельнікава. Фота з яе старонкі ў ФБ

Сакрэты Каардынацыйнай рады

Каардынацыйная рада — не тая арганізацыя, якая раздае карты ў апазіцыі. Галоўны сакрэт Каардынацыйнай рады ў тым, што ў яе няма ніякіх сакрэтаў.

КР — гэта, па вялікім рахунку, дыскусійны клуб, які нічога не вырашае. Трэніровачная пляцоўка для тых, хто бачыць сябе ў палітыцы. 

Спісы сяброў гэтай арганізацыі і так вядомыя спецслужбам, супраць усіх іх заведзеныя крымінальныя справы. Дакументы, якія яна абмяркоўвае, — гэта дэкларацыі аб намерах.

Ёсць такая гульня ў вайну — «Зарніца», а ёсць такая гульня ў парламент — «Каардынацыйная рада».

Так, добраахвотнае знікненне Мельнікавай — гэта рэпутацыйны ўдар па апазіцыі, але практычнай небяспекі для КР яно не нясе.

Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і Анжаліка Мельнікава ў Варшаве на шэсці пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, 26 студзеня 2025 года. Фота: Vasily Krestyaninov SOPA Images LightRocket via Getty Images

Сакрэты кібераў

А вось што датычыць «Кібераў», смяротных ворагаў рэжыму, то тут ступень шкоды можна будзе зразумець, толькі калі стане ясна, ці мела Мельнікава канфідэнцыйную інфармацыю пра актывістаў групоўкі ці яе ананімных удзельнікаў унутры Беларусі, ці яна кантактавала толькі з публічнымі асобамі «кібераў», якія мелі звесткі пра шараговых «партызанаў» і іх фундатараў. У кожным разе яна як фінансіст ведае сумы і даты выканання пераводаў кіберам — нават за гэтую інфармацыю спецслужбы гатовыя былі б на многае.

Але калі Мельнікава працавала на лукашэнкаўскія спецслужбы, ёй не трэба выязджаць, каб гэтую інфармацыю перадаць у цэнтр.

Выязджаць яе маглі змусіць толькі іншыя матывы.

Ці мог КДБ выкрасці Мельнікаву?

Тэарэтычна мог, але няма ніякіх фактаў, якія б пра гэта сведчылі.

Наадварот, ёсць усе падставы думаць, што яна сама, па сваёй волі, паляцела спачатку ў Лондан, а пасля, імаверна, у нейкую трэцюю краіну — ніхто з калег не ведае нашто.

Выкраданне чалавека — не самая простая аперацыя. Тэарэтычна Мельнікаву маглі выманіць у тую трэцюю краіну — але, мяркуючы па апісанні яе характару, яна не такі чалавек, каб ім можна было лёгка маніпуляваць. Галоўнае, яе паводзіны ў сакавіку пярэчаць версіі пра выкраданне. Хутчэй, яна сама замятала сляды — чаму?

Анжаліка Мельнікава на канферэнцыі «Новая Беларусь» 3 жніўня 2024 года

Ці можа Мельнікава быць у Беларусі?

Можа — або сядзець у СІЗА КДБ, або, як цяпер часам робіцца, у фешэнэбельным нумары гатэлі «Еўропа», недзе побач з Юрыем Зяньковічам. Але пакуль няма ніякіх фактаў, якія б пра гэта сведчылі.

Раней галоўным аргументам на карысць таго, што яна ў Беларусі, было тое, што яе тэлефон 19 сакавіка нібыта быў там актыўны. Пазней выявілася, што гаворка не пра тэлефон, а нейкую іншую прыладу. Тая прылада тэарэтычна магла быць і ў былога мужа. Або ёй магла скарыстацца сама Анжаліка пры дапамозе VPN з трэцяй краіны.

Прапагандысцкія каналы спрабуюць падаграваць скандал, публікуючы дакументы Каардынацыйнай рады. Але гэтыя дакументы былі знойдзеныя ў прыладах арыштаванага ў В’етнаме былога каліноўца Васіля Верамейчыка.

Але калі Мельнікава не ў Беларусі проста цяпер, не выключана, што яна можа апынуцца ў Беларусі праз нейкі час — калі гэтая гульня вядзецца з Мінска.

Анжаліка Мельнікава, Святлана Ціханоўская, Алена Жываглод, Аляксандр Дабравольскі і Павел Латушка на канферэнцыі «Новая Беларусь» 3 жніўня 2024 года

Удар па Латушку

Відавочную шкоду гэтая гісторыя наносіць Паўлу Латушку.

Анжаліка Мельнікава была яго пратэжэ. Гэта ён яе заўважыў, ён у яе паверыў, лічыў, што ў яе ёсць палітычны патэнцыял. Зрабіў сваёй блізкай супрацоўніцай, яна працавала ў яго Народным антыкрызісным упраўленні. Яна бясспрэчна ведала ўсю ўнутраную кухню арганізацыі і яе таямніцы. А можа, і таямніцы Латушкі. А Латушка для рэжыму — адзін з галоўных ворагаў за мяжой.

Што б ні здарылася з Мельнікавай, які б ні быў канец гэтай гісторыі, яна кідае цень і на кадравы нюх Латушкі, і на яго публічны імідж.

Звяртае ўвагу, што гісторыя з Мельнікавай здарылася напярэдадні магчымага разгляду ў Гаазе справы супраць Лукашэнкі. Дакладная дата пакуль невядома, але заява супраць Лукашэнкі была пададзеная летась у верасні.

Каманда Латушкі падала ў Гаагу матэрыялы, паводле якіх, з мая 2020 года па ўказанні вышэйшых службовых асоб Беларусі ў адносінах да насельніцтва краіны ўчыняюцца злачынствы супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю, пераследы і іншыя бесчалавечныя акты.

У Латушкавай лініі абвінавачвання малыя шанцы дасягнуць поспеху, але для самога Лукашэнкі па нейкіх прычынах гэтая справа вельмі адчувальная. Ён казаў публічна пра гэты працэс 17 верасня, выступаючы перад удзельнікамі святкавання Дня народнага адзінства. Гэта было яшчэ да таго як Павел Латушка зрабіў публічнай сваю ініцыятыву і завёз дакументы ў Гаагу. А пасля наракаў на гэтую ініцыятыву падчас сустрэчы з Дзянісам Пушыліным.

З'яўленне Мельнікавай народу ў той час, калі ў Гаазе пачнуцца слуханні, адцягнула б медыйную ўвагу ад дыскусій пра злачынствы Лукашэнкі.

Cui prodest

Мяркуючы па сведчаннях людзей з Каардынацыйнай рады, Анжаліка Мельнікава знікла акурат тады, калі на рахунак Białoruś Liberty прыйшоў першы транш гранту на КР.

Фантастычны ірацыянальны крадзеж з ілюзорным спадзяваннем растварыцца на прасторах Лацінскай Амерыкі ці Азіі?

Гэта не адпавядае псіхалагічнаму партрэту Мельнікавай — а яна і дэтэктар хлусні праходзіла ў 2022 годзе, між іншым. Ні адзін чалавек з атачэння Мельнікавай, з якім мы гаварылі, да яе знікання не дапускаў думкі, што яна здольная на такі план. Наадварот, яе лічылі чалавекам ідэйным і прынцыповым.

Мы можам памыляцца, але пакуль адзінае рацыянальнае тлумачэнне гэтай сітуацыі — калі дапусціць, што Мельнікава згуляла на карысць Лукашэнкі. Ад пачатку яна была агенткай, ці нечым яе звабілі пазней, ці змусілі шантажом, хто ведае — але яна сыграла ў іх гульню. Тады і яе знікненне з грашыма набывае логіку: «спікерка апазіцыйнага парламента знікла з заходнім грантам». Гэта не толькі дэматывацыя для беларусаў, гэта найперш кампраметацыя беларускай апазіцыі ў вачах заходніх структур.

Гэта была б перамога тых, хто хоча, каб Захад спыніў падтрымку беларускай апазіцыі. А гэта трэба Мінску і Маскве. Але ёсць сілы і на Захадзе, якім тое было б выгадна. На фоне дзеянняў Дональда Трампа, які скарачае падтрымку дэмакратыі ў свеце, гэта цудоўны аргумент для расчараваных донараў, што ён мае рацыю. «Глядзіце, каго мы фінансуем!».

Нехта можа спытаць, а чаму б у такой гіпотэзе ёй адразу з Лондана не пераляцець у Беларусь?

Акурат калі б Мельнікава адразу аб’явілася ў Беларусі, тады гісторыю цяжэй было б прадаць як натуральную, у ёй бы была б відавочная рука КДБ, які падманам або сілай змусіў Мельнікаву прыехаць. Гэта быў бы Пратасевіч нумар два, Пратасевіч у спадніцы. Тады б уся гісторыя страціла шарм складанай. А ў раскладзе, які мы маем, усё максімальна заблытана і тэатральна, то-бок — неадназначна.

Мы яшчэ можам убачыць прашэнне аб памілаванні да Лукашэнкі, пачуць гісторыю «уцёкаў» ад польскіх спецслужбаў праз палову свету.

Паўторымся, пакуль гэта нашы дапушчэнні на аснове лічаных чарапкоў. Але гэта і адзінае рацыянальнае тлумачэнне, якое на сёння складаецца.

Так, да яго ёсць пытанні, на якія складана адказаць. Калі Мельнікава засланка ад пачатку або яе ўдалося завербаваць, то ці варта ахвяраваць агенткай з такім патэнцыялам дзеля адной мэты? Ці не варта было б працаваць над яе прасоўваннем? Гэта патэнцыйна яшчэ больш каштоўная «краціха». Або было штосьці, што змусіла спешна згарнуць яе працу?

Нерацыянальныя версіі таксама нельга выключаць. Шалёнае новае каханне? Бывае, вядома, што пачуцці змушаюць жанчын кватэры прадаваць і слаць пераводы акаўнту Ды Капрыа ў фэйсбуку. Але гэта так не падобна да Мельнікавай, якую ведалі людзі.

Дапусціць, што такі рацыянальны чалавек, як яна, раптам кідае ўсё: і сям’ю, і працу — і з «пасагам» грамадскіх грошай вылятае проста так немаведам куды ў свет да каханка, а яе былы муж з дзецьмі адначасова кіруецца ў Беларусь, складана. Яшчэ складаней зразумець, чаму пры такім варыянце Мельнікавай было ляцець з дзецьмі ў Лондан — каб яны пасля трапілі ў Беларусь кружным шляхам. Калі ты кідаеш сям’ю, то ты яе кідаеш, а не бярэш з сабою.

Мельнікаву арыштавалі ў трэцяй краіне, а дзяцей аддалі мужу? Гэтую версію робяць непраўдападобнай паводзіны Мельнікавай у сакавіку.

Нарэшце, яшчэ адно няяснае пытанне — для чаго Мельнікава і раней лётала ў Лондан? Адказ на яго мог бы стаць ключом.

І яшчэ адно пытанне: ці была Мельнікава ў адносінах з некім з лідараў апазіцыі? Такія чуткі ходзяць, называюць нават два імені — але такія чуткі суправаджаюць усіх прыгожых свабодных жанчын і мужчын. Але калі і была, то гэта былі пачуцці, ці план, ці заданне?

Польскія спецслужбы не спяшаюцца, і гэта дзіўна

Палякі вельмі сціпла каментуюць знікненне Мельнікавай. Публічна гэта рабіла пакуль Міністэрства ўнутраных спраў. Але апрача інфармацыі пра яе выезд з Польшчы нічога не разгалошваецца, часткова інфармуюць толькі Латушку. Гэта дзіўна, улічваючы, што грамадзянку Польшчы маглі выкрасці спецслужбы варожай дзяржавы.

Варшава пацвердзіла, што Мельнікава выехала ў канцы лютага ў Лондан. Немагчыма ўявіць, каб брытанскія спецслужбы адмовілі, напрыклад, польскім прадставіць інфармацыю пра яе далейшы маршрут. Тады чаму ніхто не кажа, куды яна накіравалася з Лондана?

Паводзіны палякаў дзіўныя. Магчыма, прычына тут у прэзідэнцкіх выбарах у маі і нежаданні ўрада ў Варшаве мець скандал напярэдадні іх. Калі б яе знікненне было звязанае з сямейнымі прычынамі, асабістымі жыццёвымі паваротамі, то нічога не замінала палякам бы так і сказаць, заклікаўшы адчапіцца ад прыватнага жыцця сваёй грамадзянкі.

Звычайна таямнічыя знікненні ў Польшчы прыцягваюць увагу і медыя, і палітыкаў. Тут і пагатоў здарэнне звязанае з палітыкай, дыктатарамі, варожымі спецслужбамі. Але зацікаўленасць справай у Польшчы мізэрная. Ці не таму, што польскія спецслужбы ведаюць, дзе Мельнікава?

«Разглядаецца некалькі версій»

Польская пракуратура пакуль не адкідае ніякай версіі.

«З наяўных на гэты момант звестак не вынікае адназначна, што здарылася са зніклай. Разглядаецца некалькі версій — ад махлярства і прысваення грошай з рахункаў апазіцыі да працы на замежную разведку і нават выкрадання замежнымі спецслужбамі», — паведамляе польскае выданне rmf24.pl. Справу перадалі на вышэйшы ўзровень, у Краёвую пракуратуру, якая вядзе ў тым ліку справы аб шпіянажы.

Калі вы ведаеце пра справу больш, пішыце рэдактару ў тэлеграм @nn_editor або на мэйл [email protected]. Або тым з рэдактараў і журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары86

  • Дзя
    15.04.2025
    Наша Ніва крынжуе
  • Брэст
    15.04.2025
    Панабіраюць па аб‘яўленіях...
  • Ніна
    15.04.2025
    Ага, відаць сапраўды дзяўчына "Бонда".

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа31

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Усе навіны →
Усе навіны

«Захварэў? Ідзі ў храм». Андрэй Лемяшонак расказаў, як заражаў людзей на Вялікдзень 2020 года20

У Полк Каліноўскага на тыдзень пралез міліцэйскі стукач. Цяпер яго выкрылі, і добра відаць, хто спрабуе абяліць агента54

МЗС Украіны пра пуцінскае перамір'е: Будзем глядзець на дзеянні, а не на словы

Уіткаф яшчэ раз сустрэнецца з прадстаўнікамі Расіі

Зяленскі заявіў пра расійскія дроны ва ўкраінскім небе пасля аб'яўлення пуцінскага перамір'я

Украіна і Расія правялі перад Вялікаднем буйны абмен ваеннапалоннымі2

Пуцін аб'явіў велікоднае перамір'е18

Упершыню дадаткова абмежавалі наведванне на Радаўніцу могілак у зоне адчужэння на мяжы з Украінай

У Беларусі будуюць чатыры буйныя пляцоўкі чакання каля мяжы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа31

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць